«Нашая задача — дапамагаць амерыканцам выцягнуць палітычных вязняў з турмаў»
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў прамым эфіры
Еўрарадыё распавёў пра міжнародную сітуацыю вакол Беларусі, магчымыя змены ў палітыцы Еўропы, ролю санкцыяў і перамоваў у вызваленні палітвязняў, адносіны з Украінай і ЗША, а таксама значэнне і будучыню Каардынацыйнай Рады.
Тры асноўныя пытанні, на якія адказаў галоўны дарадца:
Ці прыйшоў час Еўропе змяніць палітыку ў дачыненні да Беларусі і падключыцца да перамоваў з Лукашэнкам?
«Тое, што Еўропа цісне на рэжым — дапамагае вызваліць людзей. Тыя санкцыі, якія ўвялі ЗША, дапамагаюць вызваляць людзей. Калі б не было назапашана гэтага крытычнага ціску, не было б вызвалення людзей. Мы павінны прымусіць Лукашэнку ісці на саступкі. І гэтыя санкцыі, і ізаляцыя змусілі яго ў выніку ісці на саступкі. Амерыканцы здымаюць частку санкцыяў толькі таму, што ім ёсць што здымаць. Што хоча Лукашэнка ад Еўропы? Ён хоча не перамоваў, ён хоча капітуляцыі. Ён хоча проста, каб Еўропа адмовілася ад прынцыпаў, зняла санкцыі, што прывядзе да таго, што пытанне палітвязняў увогуле будзе змыта, сцерта, прыбрана з парадку дня».
Як Офіс ставіцца да выбараў у Каардынацыйную Раду і навошта ўвогуле патрэбны гэты інстытут?
«Нашая задача — падтрымліваць выбары, падтрымліваць Каардынацыйную Раду як інстытут. Гэта неабходна і для празрыстасці, для падсправаздачнасці. Але за гэтыя два гады Каардынацыйная Рада набыла міжнародны статус і права вылучаць свае дэлегацыі ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы і ў Кангрэс мясцовых уладаў пры Радзе Еўропы. Нават дзеля гэтага варта ісці на выбары, таму што гэтыя прадстаўнікі могуць удзельнічаць у фармаванні рэзалюцыяў, павесткі дня, выступаць з трыбунаў. І тыя, хто пройдуць у Каардынацыйную Раду, будуць мець нашмат больш магчымасцяў і вышэйшы статус, чым гэта было яшчэ два-тры гады таму».
Чаго чакаць ад амерыканскага перамоўнага трэку і ці ёсць шанец на далейшае вызваленне палітвязняў?
«Перамоўны трэк працягваецца. Пакуль няма нейкіх знакаў, што гэта можа спыніцца. Вельмі рашуча настроены і Трамп, і Коўл, і ўся каманда, якая працуе па Беларусі. Я спадзяюся, што яны сапраўды змогуць гэтым годам ужо прынамсі большасць палітычных вязняў выцягнуць з турмы. Нашая задача ім дапамагаць, падтрымліваць. Нам трэба выцягнуць людзей.
Але нам таксама трэба вызначыць наступныя крокі. Таму што калі не рабіць наступныя крокі, калі не ставіць высокую планку, то ты не атрымаеш ні таго, ні іншага».
Обсуждение 0
Обсуждение не доступно в веб-версии. Чтобы написать комментарий, перейдите в приложение Telegram.
Обсудить в Telegram