Светлана Тихановская
@tsikhanouskaya
18 2K
«Ужо шэсць гадоў Беларусь жыве ва ўмовах рэпрэсій. Кожны дзень адбываюцца новыя затрыманні, а за кратамі застаюцца як мінімум 800 палітычных зняволеных. Але пры гэтым беларусы пераважна адмаўляюцца ад прамога ўдзелу ў вайне. Яны не лічаць украінцаў ворагамі і разумеюць, што лёсы Беларусі і Украіны непарыўна звязаныя».
«Беларускі рэжым ужо ўдзельнічае ў гэтай вайне, але не таму, што гэта выбралі беларусы, а таму, што Лукашэнка вырашыў служыць Пуціну. Ён дазволіў расійскім войскам уварвацца ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, забяспечвае ваенную інфраструктуру, лагістыку, паліўныя заводы і палітычнае прыкрыццё».
«Падтрымка Украіны і Беларусі — гэта не дабрачыннасць. Гэта адна з самых разумных інвестыцый у бяспеку самой Амерыкі. Калі Пуцін пацярпіць паразу ва Украіне, а Беларусь стане свабоднай, Еўропа будзе больш бяспечнай, НАТА — мацнейшым, а Крэмль — значна слабейшым. Я сапраўды застаюся аптымісткай».
«Сёння скарыстаў магчымасць не толькі святкаваць, але і працаваць у Сейме Літоўскай Рэспублікі. Перадаў паперы з абгрунтаваннем, каб беларусы мелі магчымасць абменьваць правы кіроўцы альбо здаваць іспыты на беларускай мове. Альбо і тое, і іншае. Палітыка — гэта і бюракратыя, таму яна патрабуе часу і намаганняў, каб задуманае стала рэальнасцю».
«Мне здаецца, незалежнасць — гэта тое, што сёння можа яднаць усіх беларусаў. Тых, хто быў на вуліцах у 2020-м. І тых, хто не выходзіў. Тых, хто жыве ў Беларусі. І тых, хто быў вымушаны з’ехаць. Людзей розных палітычных поглядаў, нават тых, хто сёння знаходзіцца па розныя бакі барыкадаў».
«За сваю незалежнасць вы кожны дзень плаціце вялікую цану. Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму свету, што такое мужнасць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду. Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плануе будучыню. І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку. Беларускія добраахвотнікі ваююць за Украіну са зброяй у руках. Беларускія партызаны спынялі расійскія вайсковыя эшалоны. Валанцёры ратуюць жыцці, збіраюць машыны, дроны і медыцынскую дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Украіне па ўсім свеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расійскую прапаганду і злачынствы рэжыму. А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасць з Украінай і супраціў расійскай агрэсіі. Гэта — сапраўдная Беларусь».