avatar
Połk Kalinoŭskaha / Полк Каліноўскага
@KalinouskiPolk
08.05.2026 16:35
ШТО МЫ СВЯТКУЕМ 8 ТРАЎНЯ?

Звычайна мы кажам пра перамогу над нацызмам і пра ўшаноўванне ахвяр Другой сусветнай.

Але вялікіх войнаў у гісторыі было багата.
Чаму для свету дагэтуль важная дата 8 траўня?

Да 1945 года ў свеце панаваў абсалютны суверэнітэт і права "моцнага". Вайна лічылася натуральным працягам палітыкі, а агрэсія адной дзяржавы супраць іншай не лічылася злачынствам. Прынцып «я проста выконваў загад» выпраўдваў нават мэтанакіраванае знішчэнне цэлага народа. А тэрміна «генацыд» і механізмаў для супрацьдзеяння яму не існавала.

Права народаў на самавызначэнне да 1945 года фактычна было прывілеем часткі еўрапейскіх нацый, але зусім не неад'емным правам любога народа. Яно прымянялася выбарачна і служыла хутчэй палітычным інструментам ціску адной вялікай дзяржавы на іншую.

Кожны чалавек лічыўся маёмасцю дзяржавы, да якой ён належаў. Калі дзяржава пачынала кідаць у турмы ці нават знішчаць частку сваіх грамадзян, іншыя краіны не мелі аніякіх юрыдычных падстаў для хоць якога ўмяшання.

Менавіта перамога над нацызмам і шматлікія ахвяры Другой сусветнай вайны заклалі ўмовы для “Ніколі ізноў” замест “Можем повторить”. Бо ніякай “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”, міжнародных судоў, Жэнеўскіх канвенцый і паняцця «злачынствы супраць чалавечнасці» да 1945 года проста не існавала.

Праз перамогу над нацызмам упершыню ў сусветнай гісторыі адбылася спроба стварыць падмурак для зацвярджэння сілы права замест права сілы. Менавіта ў гэтым галоўная каштоўнасць гэтай даты.

Час паказаў, што новыя стандарты патрабуюць волі і сілы для таго, каб яны паважаліся ўсімі без выключэння. Калі падвойныя стандарты працягваюць існаваць, калі эканамічныя інтарэсы ставяцца вышэй за чалавечыя каштоўнасці ці нават бяспеку, калі права прымяняецца выбарачна, усё вышэйпералічанае рызыкуе ператварыцца проста ў кіпу папер.

Гісторыя зноў кідае нам выклік, і менавіта ад нас залежыць, ці захаваецца гэты падмурак і ці будзе на ім пабудавана нешта больш трывалае, чым цяпер. Мы мусім стаць пакаленнем, якое не проста памятае пра мінулае, але і здольнае абараніць будучыню, зрабіўшы справядлівасць непахіснай нормай для ўсіх.

Са святам Перамогі!
106
62
👍 13
🫡 6
🔥 5
👎 2
10 1.8K

Обсуждение 0

Обсуждение не доступно в веб-версии. Чтобы написать комментарий, перейдите в приложение Telegram.

Обсудить в Telegram