avatar
Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!
@christianvision
29.04.2023 22:24
Надзея палітвязняў? Чаму Папа Рымскі прызначыў спецпасланнікам у Будслаў менавіта Гуджэроці

Як паведамілі 29 красавіка ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак прызначыў на сёлетнія ўрачыстасці сваім спецыяльным пасланнікам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, вядомага ў Беларусі іерарха, які служыў тут Апостальскім нунцыем у 2011-2015 гадах.

Цяпер Гуджэроцці знаходзіцца на пасадзе прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Мяркуецца, што прызначэнне легатам Пантыфіка менавіта гэтага іерарха мае дадатковы сэнс. У гэтай сувязі нагадаем, што апошні раз Гуджэроці – таксама ў якасці спецыяльнага пасланніка Папы Францішка – быў у Мінску ў снежні 2020 года і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, каб выразіць «трывогу і заклапочанасць Пантыфіка сітуацыяй у Беларусі». У хуткім часе пасля гэтага арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ўлады дазволілі вярнуцца ў Беларусь, а Папа адправіў яго на пенсію па ўзросце.

Праграма візіту арцыбіскупа Гуджэроці пакуль не ўдакладняецца, але цалкам верагодна, што акрамя ўдзелу ў касцёльных урачыстасцях ён будзе сустракацца з прадстаўнікамі фактычнай улады. Магчыма, гэтыя кантакты будуць не публічнымі.

Такія меркаванні абумоўлены некалькімі фактарамі. Ватыкан цяпер па-ранейшаму застаецца амаль адзіным шляхам кантакту рэжыма з Заходняй Еўропай. Таму не выключана, што прыезд прадстаўніка Святога Пасаду мае палітычную мэту.

Фігура Гуджэроці можа быць абрана для гэтай функцыі не толькі таму, што ён доўга служыў у Беларусі і разумее яе сітуацыю, але і таму, што захаваў добрыя стасункі з прадстаўнікамі ўлады, пакінуў пасля сябе плён супрацоўніцтва Ватыкана і афіцыйнага Мінска, ведае падыходы і мае пэўны ўплыў на Лукашэнку.

Акрамя вырашэння канфліктнай сітуацыі з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам менавіта Гуджэроці раней быў датычны да вызвалення палітвязняў у Беларусі. У 2015 годзе нунцый паведамляў, што па просьбе Папы Францішка і пасля візіту ў Беларусь дзяржсакратара Ватыкана кардынала П'етра Параліна быў вызвалены экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і іншыя палітвязні. Палітык Мікалай Статкевіч цяпер зноў знаходзіцца за кратамі – ён асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Наведваў Клаудыё Гуджэроцці ў калоніі і палітзняволенага Алеся Бяляцкага, цяпер асуджанага на 10 гадоў пазбаўлення волі. Іерарх тады прыехаў па даручэнні папы Бэнэдыкта XVI, каб перадаць яго дабраславенне палітвязню. У сваіх “Турэмных сшытках” Бяляцкі апісваў гэтую сустрэчу і між іншым напісаў: “Гуджэроцці сказаў: “Я буду ў кастрычніку ў папы. Што перадаць яму?”. — Скажыце, што гэта найвялікшая падзея ў маім жыцці. Увага і клопат папы пра нас. (…) Будзем спадзявацца, што ягонае заступніцтва за палітычных зняволеных у Беларусі дасць плён”.

Як вядома, родныя беларускіх палітвязняў звярталіся да Папы Рымскага з просьбай паспрыяць іх вызваленню. Таксама адкрыты ліст Пантыфіку пісала Святлана Ціханоўская.

Пра тое, як ставяцца да Гуджэроці ў афіцыйным Мінску, гаворыць і тое, што ўжо пасля ягонага ад'езду з Беларусі ордэнам Францішка Скарыны былога нунцыя ўзнагародзіў Лукашэнка. Сябраваў Гуджэроці і з ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Філарэтам, якога моцна паважалі ўлады. Філарэт публічна дзякаваў каталіцкаму іерарху за служэнне ў Беларусі. Свае спачуванні былы нунцый у Беларусі дасылаў з нагоды смерці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што падчас прыезду ў Беларусь настолькі ўплывовай на рэжым фігуры магчыма распачацце новага працэсу вызвалення некаторых палітвязняў і вырашэння іншых канфліктных пытанняў паміж афіцыйным Мінскам і Захадам.

Урачыстаці ў Будславе прызначаны на 30 чэрвеня – 1 ліпеня.

@christianvision
? 14
? 7
??? 2
? 2
? 2
? 2
? 1
? 1
19 2.1K

Обсуждение 0

Обсуждение не доступно в веб-версии. Чтобы написать комментарий, перейдите в приложение Telegram.

Обсудить в Telegram