avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
04.06.2026 15:26
Намеснік Прадстаўніцы па моладзевай палітыцы АПК Аляксей Грахоўскі пракаментаваў пераслед студэнтаў ЕГУ

Улады Беларусі працягваюць пераслед студэнтаў і студэнтак, а таксама супрацоўнікаў і супрацоўніц ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». Студэнтаў і іх родных выклікаюць на допыты, у дамах праводзяцца ператрусы.

Аляксей Грахоўскі, намеснік Прадстаўніцы па моладзевай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, пракаментаваў сітуацыю:

«Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт для многіх стаў першай уваходнай кропкай у Еўропу і альтэрнатыўнай магчымасцю атрымаць адукацыю. Ціск на ЕГУ распачаўся больш за год таму, а цяпер рэжым перайшоў да адкрытых рэпрэсій і пагроз за навучанне ва ўніверсітэце.

Адбываюцца ператрусы, студэнтаў і іх родных выклікаюць на допыты, патрабуюць адлічыцца з універсітэта і даслаць пацвярджэнне. Ціск аказваюць таксама на бацькоў і сваякоў, пагражаючы ім крымінальным пераследам, калі студэнт не адлічыцца. На сёння вядома як мінімум пра дваццаць такіх выпадкаў.

Беларускія студэнты за мяжой і без таго сутыкаюцца з вялікай колькасцю праблем, у тым ліку з легалізацыяй. Цяпер да гэтага дадаецца і палітычны пераслед. Мы ўжо атрымліваем звароты ад студэнтаў ЕГУ адносна працягу навучання і ціску з боку рэжыму. Кожны выпадак разглядаем індывідуальна і дапамагаем знайсці выйсце з канкрэтнай сітуацыі.

Наша задача — зрабіць усё магчымае, каб беларуская моладзь магла вучыцца і развівацца там, дзе пажадае, а не баялася рэпрэсій.

❗️Важна адзначыць, што рэжым не мае доступу да спісаў студэнтаў універсітэта. Раім дбаць пра сваю бяспеку: не захоўваць лічбавыя і фізічныя матэрыялы, звязаныя з ЕГУ, калі вы знаходзіцеся ў зоне рызыкі, а таксама пазбягаць паездак у Беларусь». (с)

У выпадку неабходнасці падтрымкі і кансультацый звяртайцеся на гарачую лінію ЕГУ: hotline@ehu.lt, а таксама на пошту m.vorykhava@belaruscabinet.org або праз форму на сайце thisisyouth.info.
👍 4
3
👎 1
2 155
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Переслано от канала
03.06.2026 18:08
🏛 Касцюшкаўскі форум’26: культура як сіла дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння

Касцюшкаўскі форум «Культура як сіла дэмакратыі» адбыўся 2 чэрвеня ў Гданьску. Падзея была арганізавана Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці пад патранатам Міністэрства замежных справаў Польшчы. У падрыхтоўцы форума ўдзельнічала Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні.

🔸 Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская адзначыла ў вітальнай прамове, што культура і нацыянальная ідэнтычнасць — адны з галоўных фактараў захавання беларускай суб'ектнасці ва ўмовах рэпрэсій, русіфікацыі і вымушанай эміграцыі.

🔹 Адной з цэнтральных частак імпрэзы сталі дэбаты «Чаму культура — адказ на палітычны застой?». Падчас яе ўдзельнікі абмеркавалі месца беларускай культуры ў еўрапейскай прасторы, ролю культурніцкай дыпламатыі і магчымасці міжнароднай падтрымкі беларускіх культурніцкіх ініцыятыў.

🔹 Прадстаўнік у нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што сёння беларуская культура сутыкаецца адразу з некалькімі сур’ёзнымі выклікамі: масавай русіфікацыяй унутры краіны, недахопам рэсурсаў і абмежаванымі магчымасцямі для развіцця. Ён адзначыў:
— Беларускія творцы не могуць разлічваць на такую падтрымку нацыянальнай дзяржавы, якую маюць культурніцкія дзеячы ў іншых краінах, таму асабліва важнай застаецца міжнародная падтрымка. Нам патрэбна больш магчымасцяў для ўдзелу беларусаў у еўрапейскім культурніцкім і навуковым жыцці, больш кантактаў паміж беларусамі ўнутры краіны і ў эміграцыі, а таксама больш супольных міжнародных праектаў. Для гэтага неабходная падтрымка не толькі арганізацый, але і на самым высокім дзяржаўным узроўні.
👍 10
9
👎 2
🔥 1
343
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
03.06.2026 09:12
Нічога пра нас без нас

«Беларусь — гэта не проста частка сённяшней рэгіянальнай праблемы, а гэта прынцыповая і неад’емная частка вырашэння самой праблемы. Таму Беларусь павінна знаходзіцца ў фокусе ў тым ліку і тых размоў, што ідуць адносна міру ва Украіне», — адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай рады Павел Латушка падчас выступу на «Беларуская культура 404 | круглы стол» у межах II Касцюшкаўскага форуму.

«Я чую вельмі часта галасы, што не варта займацца Беларуссю, пакуль не змянілася сітуацыя ў Расіі. І я абсалютна не згодны з гэтым падыходам. Гэта, калі хочаце, імперскі падыход і погляд у інтарэсах Расіі. Гэта зноў спроба пакінуць Беларусь і беларускі народ у адзіным кошыку з Расійскай Федэрацыяй. Калі мы кажам, што ўсё залежыць ад Расіі, гэта фактычна пазбаўленне суб’ектнасці для беларускага народа. І я як беларус на гэта ніколі не пагаджуся.

Наша стратэгія Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — нацыянальны дыялог. І мы прапаноўваем інструмент для рэалізацыі гэтага нацыянальнага дыялогу — Круглы стол. Як яго дабіцца? Мы ідзем гэтай стратэгіяй і просім нашых еўрапейскіх партнёраў быць моцнымі, не вырашаць наш лёс без нас.

"Нічога пра нас без нас".

Кожны паляк ведае гэтыя словы, і, я думаю, для кожнага паляка яны важныя. І для нас таксама важныя. Каб лёс беларусаў не вырашаўся па-над нашымі галавамі ў прамой камунікацыі з Лукашэнкам. Важна вельмі моцна даносіць тэзіс да Лукашэнкі — калі ён хоча нейкіх зменаў у палітыцы Еўрапейскага саюза, ён у першую чаргу павінен сесці за стол перамоваў з беларускім грамадствам, з дэмакратычнымі сіламі, з грамадзянскай супольнасцю.

Гэта стратэгія прынята Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, і я спадзяюся, гэта будзе ініцыятыва нашай фракцыі на адным з першых пасяджэнняў Каардынацыйнай Рады: мы паставім на галасаванне, каб яна была і зацверджана прадстаўнічым органам».
11
🔥 6
👍 3
👎 2
👏 2
😢 1
3 886
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
02.06.2026 13:28
У Дзень абароны дзяцей Прадстаўніцтва АПК па нацыянальным адраджэнні разам з партнёрамі зладзіла вялікае сямейнае свята ў Беларускім доме 💙

Глядзіце, як весела гэта было!

✨ Казкі і прыгоды
🎶 Музыка і танцы
🎨 Майстар-класы і творчасць
📚 Беларускія кнігі
🥔 Дранікі і цёплая атмасфера
🐱 І нават адзін вельмі вялікі кот

Дзякуй усім, хто быў разам з намі!
15
👍 1
👎 1
🔥 1
1 374
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
02.06.2026 11:12
Свабода народа пачынаецца з яго салідарнасці

«Менавіта польская "Салідарнасць" і яе лідар — Лех Валенса паказалі, што сапраўдная сіла — у яднанні. Што супольная воля здольная вярнуць людзям голас і сілу, і тады любая беспакаранасць заканчваецца, а уяўны маналіт дыктатуры непазбежна крышыцца», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас цырымоніі ўручэння ўзнагароды Леху Валенсу.

Падчас II Касцюшкаўскага форуму, які арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці, адбылася цырымонія ўручэння ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета «Крыж Добрасуседства» Леху Валенсу. Гэтая ўзнагарода ўручаецца за асаблівы ўнёсак у наладжванне адносін паміж Беларуссю і іншымі краінамі, а таксама за спрыянне дэмакратычным зменам у Беларусі. Адпаведная пастанова была прынятая 7 студзеня 2026 года, а ўзнагароду ад імя свайго бацькі Леха Валенсы прыняў яго сын Богдан Валенса.

«Свабода народа пачынаецца з яго салідарнасці. У 2020 годзе беларусы прадэманстравалі гэтую сілу ўсяму свету і працягваюць быць салідарнымі сёння — у падтрымцы палітвязняў, узаемадапамозе ўнутры Беларусі і ў эміграцыі, дзе мы штодня падстаўляем плячо адзін аднаму.

Мы бачым, як сёння дыктатары і аўтакраты паверылі ў сваю поўную беспакаранасць. Як вырашылі, што могуць знішчаць правы чалавека і пагражаць бяспецы суседзяў. Але менавіта салідарнасць свабодных людзей і нацый — гэта тая рэальная сіла, якая здольная і павінна паставіць агрэсіўных дыктатараў на месца»
, — адзначыў падчас уручэння ўзнагароды Павел Латушка.
10
👍 7
🔥 2
👎 1
2 1K
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
01.06.2026 18:02
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Беларусі Анастасія Махамет дала каментар пра дзяцей беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну:

За апошнія гады я бачыла шмат розных гісторый. Дзяцей, якія месяцамі чакаюць навін ад бацькі з фронту. Дзяцей, чые бацькі знаходзяцца ў палоне або лічацца зніклымі без вестак. Дзяцей, якія страцілі бацькоў праз гэтую вайну.

У Дзень абароны дзяцей хочацца сказаць простую рэч: гэтыя дзеці не павінны заставацца нябачнымі.

Калі мы гаворым пра падтрымку добраахвотнікаў, мы павінны памятаць і пра іх сем’і. Пра дзяцей, якія разам з дарослымі нясуць цяжар гэтай вайны, хоць ніколі яе не выбіралі.

Для мяне абарона дзяцей добраахвотнікаў — гэта не асобная сацыяльная задача, а частка нашай адказнасці перад людзьмі, якія сёння абараняюць Украіну і свабоду ўсёй Еўропы.
16
👍 11
🔥 3
👎 2
1 448
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
01.06.2026 17:59
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Беларусі Вольга Зазулінская выказалася пра дзяцей беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных сем’яў:

У Дзень абароны дзяцей важна гаварыць не толькі пра свята, але і пра тых дзяцей, чыё дзяцінства было разбуранае рэпрэсіямі.

Дзеці палітзняволеных, рэпрэсаваных бацькоў у Беларусі і тыя, хто быў вымушаны разам з сем’ямі пакінуць краіну, сталі нябачнымі закладнікамі дзяржаўнай жорсткасці. Дзяржава рэпрэсуе не толькі дарослых — праз арышты, тэрміны, звальненні, ціск і выгнанне яна карае і іх дзяцей.

Гэтыя дзеці сталеюць не таму, што выбралі быць моцнымі, а таму, што іх сем’і апынуліся ў сітуацыі, дзе дзяцінству проста не пакінулі месца. Яны чакаюць бацькоў з турмаў, растуць у разлуцы, перажываюць ператрусы, страх, беднасць, стыгму, вымушаныя пераезды і страту звыклага дома.

Дзяржава, якая павінна абараняць дзіця, сёння не проста не выконвае гэты абавязак — яна свядома стварае для тысяч дзяцей невыносныя ўмовы жыцця. Праз рэпрэсіі многія беларускія дзеці апынуліся па-за межамі Беларусі і праходзяць праз стрэс эміграцыі, адаптацыю да новай школы, мовы, асяроддзя і жыцця ў няпэўнасці.

Гэта досвед, праз які яны не павінны былі праходзіць. Ніводнае дзіця не павінна плаціць за грамадзянскую пазіцыю сваіх бацькоў, за іх годнасць, салідарнасць і імкненне жыць у свабоднай краіне.

Наш абавязак — бачыць гэтых дзяцей, гаварыць пра іх досвед і рабіць усё магчымае, каб яны атрымлівалі падтрымку, бяспеку і права на нармальнае дзяцінства. Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, абарона дзяцей — гэта не фармальнасць, а пытанне адказнасці, справядлівасці і чалавечнасці.
11
👍 5
🔥 4
👎 2
1 375
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
01.06.2026 16:41
Палітыка Францыі па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі застаецца нязменнай

Пра вынікі візіту ў Кіеў і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі з Украінай, а таксама пра развіццё ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку ў межах Люблінскага фармату, праінфармаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з амбасадарам Францыі ў Польшчы Эцьенам дэ Пансэнам.

Падчас сустрэчы французскаму боку была прадстаўлена пазіцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета аб тым, што адзіным спосабам вырашэння глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, а таксама спынення падтрымкі агрэсіі ў адносінах да Украіны з’яўляецца правядзенне нацыянальнага дыялогу ў фармаце круглага стала. Гэта павінна стаць умовай для Лукашэнкі для магчымага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам.

Адной з нагод для сустрэчы было таксама інфармаванне пра пазіцыю дэмакратычных сіл Беларусі ў сувязі з тэлефоннай размовай прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона з Лукашэнкам, якая адбылася, і накіраваннем французскага прадстаўніка ў Мінск для сустрэчы з дыктатарам.

Амбасадар Францыі адзначыў, што палітыка Францыі па падтрымцы дэмакратычных сіл і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі застаецца нязменнай.

У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка.
👍 15
🔥 7
1
👎 1
3 1K
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
31.05.2026 18:06
Прадстаўнікі дэмсілаў прынялі ўдзел у абмеркаванні праблемаў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне

У Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з Камітэтам Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях еўраінтэграцыі і дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь».

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама дзеючыя беларускія добраахвотнікі і ветэраны.

Ад прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўніца Вольга Зазулінская і яе намесніца Анастасія Махамет.

Асобная ўвага падчас сустрэчы была нададзеная праблемам беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў. Важна было тое, што добраахвотнікі і ветэраны распавялі пра ўласны досвед і праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас службы, пасля раненняў, пры праходжанні працэдур легалізацыі і ў пытаннях сацыяльнай абароны.

Значная частка сустрэчы была прысвечаная праблемам міграцыйнага заканадаўства, абмяркоўваліся пытанні прававога статусу, доступу да дзяржаўных сэрвісаў, банкаўскіх паслуг, сацыяльных гарантый і магчымасцяў доўгатэрміновага знаходжання ва Украіне.

Асобнай тэмай стала становішча сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне або лічацца зніклымі без вестак. Удзельнікі звярнулі ўвагу на прававыя і сацыяльныя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама на неабходнасць выпрацоўкі дадатковых механізмаў падтрымкі такіх сем’яў.

Падчас дыскусіі было асобна падкрэслена, што стварэнне эфектыўнай сістэмы прававой і сацыяльнай абароны беларускіх добраахвотнікаў – гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і непасрэдна ўплывае на магчымасці прыцягнення новых добраахвотнікаў, умацоўвае матывацыю вайскоўцаў і адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Украіны.

«Праблемы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне даўно выйшлі за межы асобных выпадкаў. Мы бачым неабходнасць комплекснага падыходу да пытанняў легалізацыі, сацыяльнай абароны, доступу да дзяржаўных паслуг і падтрымкі сем’яў. Людзі, якія прынялі рашэнне абараняць Украіну, павінны разумець, што дзяржава здольная гарантаваць ім і іх родным базавую прававую і сацыяльную бяспеку.

Менавіта таму мы працягваем працу над пошукам сістэмных рашэнняў разам з украінскімі партнёрамі, каб прававы статус і сацыяльная абарона беларускіх добраахвотнікаў адпавядалі іх укладу ў абарону Украіны», — адзначыла Вольга Зазулінская.

«Падчас сустрэчы мы пачулі не толькі пазіцыі экспертаў і прадстаўнікоў дзяржаўных інстытутаў, але і галасы саміх добраахвотнікаў і ветэранаў. За кожнай юрыдычнай калізіяй або нормай заканадаўства стаяць канкрэтныя людзі: байцы, якія працягваюць службу, сем’і палонных і зніклых без вестак, родныя загінулых, ветэраны пасля раненняў», — лічыць Анастасія Махамет.

Удзельнікі сустрэчы дамовіліся працягваць працу для вырашэння праблемаў у межах далейшага дыялогу паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі.

@CabinetBelarus
👍 20
9
🔥 2
👎 1
5 429
avatar
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
@CabinetBelarus
31.05.2026 14:46
Прадстаўнікі АПК прынялі ўдзел у адкрыцці новага шэлтару «Прытуляй мяне» ў Варшаве

Сёння, 30 траўня, у Варшаве прайшло ўрачыстае адкрыццё новага дома шэлтару «Прытуляй мяне». У ім прынялі ўдзел кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка і прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

«Утульнасць — яна ідзе ад вас перш за ўсё, і тая атмасфера, якую вы ствараеце ў вашых шэлтарах. Я б хацела падзякаваць вельмі вашай камандзе, якая шмат працуе, каб кожны беларус, які трапляе сюды ў цяжкіх абставінах, адчуваў сябе ўтульна і як дома. Я ведаю, колькі высілкаў на гэта патрэбна. І вось вы тлумачылі, што сітуацыі розныя бываюць, але ж вы — прыклад таго, што можна не апускаць рукі нават у самых цяжкіх умовах», — падзякавала арганізатарам шэлатара і валанцёрам Святлана Ціханоўская.

«Гэты дзень, гэтая справа, якую сёння працягваем у новым выглядзе падкрэслівае, што салідарнасць у беларусаў і беларусак ёсць, — адзначыў Павел Латушка. - Салідарнасць — гэта, мне здаецца, падстава нацыі. І мы, беларусы, можам ганарыцца тым, што мы салідарны народ, які гатовы прыходзіць з дапамогай да кожнага і кожнай».

Павел Латушка пералічыў на патрэбы дзейнасці 2000 злотых у фонд «Прытуляй мяне», які кіруе шэлтарам для беларускіх палітвязняў.

Павел Баркоўскі ад імя дэмакратычных сіл уручыў шэлтару набор беларускіх і перакладных кніг для паляпшэння яго матэрыяльнай базы.

Фонд «Прытуляй мяне»
дапамагае беларусам і беларускам у цяжкім становішчы ў Варшаве. Заснавальніцы фонда – палітуцякачка Ганна Федаронак і былая палітвязынка Алеся Буневіч. Падтрымаць працу можна
па гэтай спасылцы.

@CabinetBelarus
17
👍 4
🔥 2
👎 1
🤔 1
1 388

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

2.9K
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Зваротная сувязь press@belaruscabinet.org
Сайт https://belaruscabinet.org
Открыть в Telegram